# play # Ратуша Музейныя таямніцы

Музейныя таямніцы або з гісторыі аднаго прадмета. Срэбная фібула-сюльгама X-XII стагоддзяў

Дарагія сябры, як заўжды па чацвяргах з вамі праект “Музейныя таямніцы ….або з гісторыі аднаго прадмета”!
З бронзавага веку да эпохі Сярэднявечча зашпілька фібула была практычна адзіным відам зашпількі. Разнавіднасцяў гэтых зашпілек існавала мноства, кожны народ дадаваў нешта новае ў дызайн і механізм зашпільвання. Па фібулах можна вывучаць розныя гістарычныя эпохі, бо кожная з іх пакінула на зашпільках свой след, не толькі эстэтычны, але і рэлігійны.
Фібулы былі асабліва распаўсюджаныя ў тых краінах, дзе людзі насілі вопратку свабоднага крою. Напрыклад, жыхары Рыма і Старажытнай Грэцыі змацоўвалі пры дапамозе такіх зашпілек на адным плячы вялікія прастакутныя кавалкі тканіны. Крыху пазней у Еўропе фібулы выкарыстоўваліся не толькі ў якасці зашпілек для плашчоў простага люду, але і для змацавання накідак набілітэтам і святарамі. Для іх вырабу ў розныя стагоддзя ўжываліся каштоўныя металы і камяні, а таксама шкло, якое часам шанавалася нават больш за сапфіры і ізумруды. Насілі фібулы як мужчыны, так і жанчыны. Акрамя таго, фібулы часта выкарыстоўваліся ў якасці абярога ад сурокаў і ўздзеяння злых духаў.
Новы час фібулу ператварыў спачатку ў брошку, якую выкарыстоўвалі як зашпільку, што замацоўвала каўняры, хусткі і плашчы. Паступова фібула знікла, а брошка засталася і сталася выключна ўпрыгожваннем.
Гэтую, верагодна скандынаўскага паходжання жаночую срэбную фібулу-сюльгаму X-XII стагоддзяў перадаў у дар музею наш даўні мецэнат Валерый Казакоў. Знойдзена яна была ў Падняпроў’і.
Старшы навуковы супрацоўнік Наталля Прачакова