Музейныя таямніцы альбо з гісторыі аднаго прадмета. Дзіцячая цацка “свінцовы трон”
Дарагія сябры, як заўжды па чацвяргах з вамі праект “Музейныя таямніцы ….або з гісторыі аднаго прадмета”!
Дзіцячыя цацкі – такая звыклая і абавязковая рэч… Але так толькі здаецца на першы погляд. У сярэднявеччы дзіцячыя цацкі былі вялікай рэдкасцю. Як правіла – дзіцячыя бразготкі, конікі-свісцёлкі з гліны – вось і ўсё на гэтым. У эпоху Рэнесанса, у багатых сем’ях, пачынаюць надаваць большае значэнне дзецям, у тым ліку і іх гульням. Праз гульню дзіцяці рыхтавалі да іх будучага дарослага жыцця – выхоўвалі якасці, фармавалі звычкі, вучылі правілам, неабходным для выканання сацыяльнай ролі ў адпаведнасці з іх паходжаннем і ўзроўнем заможнасці сям’і.
Улада – важнейшы элемент грамадскага жыцця. Уменне валадарыць, кіраваць і падпарадкоўвацца, згодна прынятых законаў і правілаў, было тым сацыяльным стрыжнем, вакол якога фарміраваліся ўяўленні чалавека аб дзяржаве. Дзяржава была манархічнай. Кароль, вялікі князь – кіраўнік дзяржавы. Рэчавым увасабленнем дзяржаўнай улады, акрамя скіпетра і кароны, быў трон.
У калекцыі Музея гісторыі Магілёва захоўваецца ўнікальная дзіцячая цацка – выкананы ў стылі готыкі, зроблены з свінца, трон. Ён быў знойдзены ў ходзе археалагічных даследаванняў на Падміколлі ў 1996 годзе . Археалагічны матэрыял, які яму спадарожнічаў, дазваляе датаваць рэч XV – першай паловай XVI стст. Між іншым, больш нідзе такога артэфакта вы ў музеях Беларусі не пабачыце. Гэта эксклюзіў. Прыходце, палюбуйцеся, уявіце – маленькае магілёўскае дзіцяці гуляе ў вялікую палітыку!