Музейныя таямніцы або з гісторыі аднаго прадмета. Гісторыя дзевятая: “Магіслаў: вяртанне з нябыту”
Музейныя таямніцы або з гісторыі аднаго прадмета
Гісторыя дзевятая: “Магіслаў: вяртанне з нябыту”
Уявіце сабе – 1708 год. Ідзе Паўночная вайна. Цяжкі пошчак падкаваных капытаў коней па брукаванцы Магілёва. Воклічы, крыкі. Горад гарыць. Маці, прыціскаючы да сябе дзіцяці, бяжыць па Падміколлю. Жанчына бяжыць да Дняпра. Бяжыць да чоўна. Бяжыць, каб уратаваць сябе і сына і пераплысці на левы бераг, на Лупалава. У руцэ хлопчыка гліняная лялька – салдацік у капялюшы-трохвуголцы. Ён з набора, які зрабіў для яго магілёўскі ганчар. Цацка выслізвае з рук. Знайсці, падабраць яе няма часу і магчымасці. Хлопчык з маці і з бацькам у чоўне, які выносіць сям’ю на дняпроўскую плынь і дае магчымасць дабрацца да бяспечнага лупалаўскага берага. Гараць будынкі, кавалак спаленай драўлянай сцяны падае на гліняную цацку…
Праходзяць стагоддзі. Наш час. На Падміколлі – археалагічныя раскопкі. І вось у слоі пажарышча 1708 года разам з спаленымі рэшткамі драўляных бярвенняў знаходзяць фрагмент глінянага салдаціка – на галаве выява трохвугольнага капялюша. Твар прапрацаваны надзвычай дакладна, да драбніц. Па сутнасці, перад намі партрэтная міні-скульптурная выява.
Унікальную знаходку, а ёй няма аналагаў у ніводным з беларускіх музеяў, перадаюць на пастаяннае захоўванне ў фондасховішча Музея гісторыі Магілёва.
Гэта пачатак гісторыі нараджэння сучаснай знакамітасці нашай ратушы – механічнага трубача-гарніста Магіслава. Твар Магіслава – дакладная копія твара глінянага магілёўскага салдаціка, якога знайшлі ў прапластцы з слядамі гарадскога пажара 1708 года.
Таму кожны, хто бачыць магілёўскага трубача, чуе яго фанфару, мусіць ведаць – калісці па вуліцах горада Магілёва ў шыкоўнай трохвуголццы хадзіў воін ратушнай стражы, твар якога адлюстраваў магілёўскі майстар пры вырабе набора гліняных салдацікаў. Такое цалкам магчыма, бо ў той час людзі любілі адлюстроўваць рэальныя вобразы, рэальных людзей ды ўвасабляць іх у сваіх творах.
Стойкі гліняны салдацік не загінуў, не знік, да рэшты, ён вярнуўся з нябыту і ўвасоблены ў вобразе Магіслава, які выходзіць кожны дзень на балкон ратушы двойчы – апоўдні і на заходзе сонца. Услухайцеся ў яго фанфару, угледцеся ў яго твар. Адчуйце веліч і старажытнасць магілёўскай гісторыі, нашай гарадской культурнай традыцыі.