Музейныя таямніцы або з гісторыі аднаго прадмета. Гісторыя пятая: “Срэбны дырхем”
Добры дзень, паважаныя сябры! Традыцыйна кожны чацвер з вамі навуковы супрацоўнік музея Наталля Прачакова і яшчэ адна музейная таямніца.
Самы старажытны так званы “Магілёўскі” скарб быў знойдзены ў 1822 годзе. У яго складзе было 1300 срэбных дырхемаў Арабскага халіфата 9-га стагоддзя. Гэты скарб паступіў ў Імператарскую Акадэмію навук у Санкт-Петербурзе.
На жаль у Магілёве ад яго нічога не засталося, але ж дырхемы ў выглядзе “рэзаны” і падвесак захоўваюцца ў Музеі гісторыі Магілёва, адзін з іх можна пабачыць у экспазіцыі.
Дырхем — срэбраная манета вагой у некалькі грам, у залежнасці ад перыяду і эмісіі. Згодна ісламу, выявы людзей ці жывёлаў забараняліся, таму на аверсе і рэверсе — адно надпісы. Збольшага рэлігійнага характару, але з прывязкай да месца адбіцця, даты і правіцеля-халіфа. Манета была з якаснага срэбра, таму яе паважалі і шанавалі.
Шматлікія дырхемы трапляюцца ў парэзаным стане: на палову, на чвэрць ці яшчэ менш. Іншага спосабу разбіць умоўную «вялікую суму», акрамя як парэзаць манету, не існавала.
Пастаянны размен дырхема — рэзанне ці ламанне на палову, на чвэрць і г.д. — прыводзіў да яго знішчэння. Манета была тонкай, таму трушчылася пасля такіх «валютных аперацыяў». Але срэбра жыло далей у выглядзе бранзалетаў, скроневых кольцаў, накладак на пояс ці зброю, на конскую вупраж. У Беларусі ці побач не было срэбраных руднікоў, таму можна смела лічыць, што большасць срэбраных упрыгожванняў— гэта плён пераплаўкі дырхемаў. Фіналам эпохі дырхему можна лічыць з’яўленне грыўняў. Фактычна, гэта срэбраныя зліткі рознай вагі і формы, якія адліваліся паўсюдна ў Старадаўняй Русі. Грыўні былі нават не валютай, а формай захоўвання капіталу. А сыравінай для іх, зноў жа, было срэбра колішніх дырхемаў.