Выстава “Вайна – зусім не феерверк”
У выставачнай зале УК “Музей гісторыі Магілёва” адкрылася выстава “Вайна – зусім не феерверк”, прысвечаная 80-годдзю гераічнай абароны горада Магілёва ў ліпені 1941 года. Выстава арганізавана ўстановай культуры “Музей гісторыі Магілёва”, дзяржаўнай установай адукацыі “Цэнтр пазашкольнай работы “Юнацтва”, ваенна-пошукавай секцыяй Беларускага рэспубліканскага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, установай культуры ” Магілёўскі абласны краязнаўчы музей ім. Е. Р. Раманава».
Экспазіцыя паказвае, што вайна – гэта не святочны феерверк, а штодзённая тытанічная праца салдата на вайне, дзе пастаянная небяспека, свішчуць кулі і рвуцца снарады. Вайна – гэта жах і трагізм палону. Гэта разбураны і спалены прытулак гараджан, нягоды і пазбаўлення мірных грамадзян у перыяд нацысцкай акупацыі.
Выставачныя экспанаты з жалеза, перакручанага і абпаленага вайной, знойдзенага магілёўскімі пошукавікамі, узмацняе і дапаўняе ўражанні ад убачанага на фотаздымках і карцінах.
У выставе таксама прадстаўлены фотаматэрыялы фотакарэспандэнта Паўла Трошкіна на аснове негатываў з фондаў абласнога краязнаўчага музея; карціны членаў Магілёўскага аддзялення Беларускага саюза мастакоў: Барыса Первунінскіх, Уладзіміра Шпартава, Міхаіла Максімава, Веры Юрковай, Фёдара Кісялёва; экспанаты, якія адносяцца да ўсяго ваеннага перыяду ў гісторыі Магілёва.
Выстава працуе з 11:00 да 19:00 у выставачнай зале УК “Музей гісторыі Магілёва” да канца лiпеня.