З 25.08 па 20.09 у Ратушы выстава Дар’і Ягоравай.
25 жніўня ў вежы гарадской Ратушы УК “Музей гісторыі Магілёва” адкрылася выстава маладой фотамастачкі Дар’і Ягоравай. На выставе прадстаўлены шэраг мастацкіх фота-работ, зробленых на плёнкавы фотаапарат. Чорна-белая палітра абумоўлена канцэпцыяй сучаснай готыкі, якую сваім творчым бачаннем прадстаўляе Дар’я. Выцягнутыя сілуэты, гульні святла і ценяў, арыгінальныя кампазіцыйныя пабудовы дазваляюць пагрузіцца ў настрой фатаграфіі, адчуць намаляваную на фота атмасферу.
Важным аспектам работ з’яўляецца фокус на архітэктуру горада Магілёва. Сучасны погляд на класіку, які адказвае на запыт новага пакалення ў строгасці выявы і сур’ёзнасці падачы.
Прадстаўленне неа-готыкі ў сферы фатаграфіі ад Дар’і Ягоравай робіць выставу значнай не толькі для сферы мастацтва, але і для гісторыі. Натхняльнікам выставы стаў сябар фотамастачкі Башаркін Яўген і яго ініцыятыва “Брэнд адзення Таварны”.
Падтрымаць пачынанні моладзі на адкрыццё выставы прыйшлі ўжо знакамітыя творцы Яўген Булава і Ігар Багамазаў. У сваю чаргу Ігар Багамазаў, як мастак музея, стаў каардынатарам новага музейнага праекта для творчай моладзі і непасрэдна дапамагаў у падрыхтоўцы гэтай выстаўкі.
Выстава будзе дзейнічаць да 20 верасня 2023 года.
Да ведама:
Дар’я Ягорава, маладая фатографка, ураджэнка горада Магілёў, нарадзілася 10 верасня 2004 года. Дар’я пачала свой творчы шлях аўтара мастацкай фатаграфіі ў 2020-м годзе. Навучаецца ва УА “Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў” на спецыяльнасці дызайнера.
У сваіх работах Дар’я прадстаўляе пераасэнсаванне плёначнай фатаграфіі з пункту гледжання сучаснага падыходу да кампазіцыйнай пабудовы кадра і магчымасцей яго пастаноўкі з улікам тэхналагічнага прагрэсу і эксперыментальных падыходаў да працэсаў праяўлення фатаграфіі. Рудыментарны этап у гісторыі фатаграфіі ажывае праз прызму творчага бачання і падыходу Дар’і. У сваю чаргу, глядач з новага пакалення рамантызуе і адкрывае нанава тое, што пару дзесяцігоддзяў таму з’яўлялася руцінай для прафесійных фатографаў. Адраджэнне плёначнай фатаграфіі праз сучаснае бачанне і аўтарскі падыход – галоўная творчая задача фотамастака Дар’і Ягоравай.