Каштоўнасці музея ў ратушы

Адным з асноўных накірункаў дзейнасці УК “Музей гісторыі Магілёва” з’яўляецца пошук і пакупка ў прыватных асобаў гісторыка-культурных каштоўнасцяў, адпаведных вядучай экспазіцыйнай тэматыцы музея – “Магілёў эпохі Магдэбургскага права”, а таксама помнікаў культуры, што рэпрэзентуюць духоўную спадчыну горада Магілёва і Беларусі. 

НАШЫ КАШТОЎНАСЦІ

СТАТУТ ВКЛ 1588 г.

Кніга прамавугольнай формы, маюцца вадзяныя знакі, карэньчык карычневага колеру, скураны. Маюцца невялікія надрывы, забруджванні. Адсутнічаюць старонкі 1-16, першыя аркушы груба манціраваны і рэстаўраваны, частка аркушаў у водных пацёках. Аркушы кнігі пажоўклі. Вокладка кнігі больш позняга часу, аздоблена каляровай паперай. На карэньчыку маецца цісненне золатам: “СТАТУТЪ ЛИТОВСКИЙ”, а таксама арнамент. Кніга была выдадзеная ў 1594/95 гг., альбо ў 1600 г., на старабеларускай мове ў друкарні Мамонічаў (Вільня). Статут – вышэйшы заканадаўчы акт Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, папярэднік еўрапейскіх Канстытуцый.

Набыта 08.06.2012 г. за кошт збору прыватных ахвяраванняў ад грамадзян і спонсарскай дапамогі ад кампаніі Alpari.

 

РЫЦАРСКІ ДАСПЕХ КАН. XV – ПАЧ. XVI СТ.

Рыцарскі даспех. Бургундыя, кан. XV – пач. XVI стст. Знойдзены ў 2013 годзе ў р. Віхра пад Мсціславам. Належыў невядомаму беларускаму рыцару, што загінуў у бітве 4 лістапада 1501 г.

Перададзены музею археолагам І.А. Марзалюком у 2013 г.

 

“АПОСТАЛ” СПІРЫДОНА СОБАЛЯ.

Кніга “Апостал”, надрукаваная магілёўскім першадрукаром Спірыдонам Собалем у 1632 г. у Куцейне альбо ў Буйнічах.

Набыты музеем за кошт бюджэтнага фінансавання ў 2017 г.

ПОКРЫВА ЛІТУРГІЧНАЕ, УПРЫГОЖАНАЕ ФРАГМЕНТАМІ СЛУЦКАГА ПОЯСА (АНАЛОЙНІК).

Літургічнае покрыва ўяўляе сабой покрыва на аналой – падстаўку, на якой у царкве размяшчаюцца іконы і Евангеліе падчас богаслужэння. Покрыва ўпрыгожана фрагментамі слуцкага пояса (магчыма, двух), і іншых тканін. Верагодна, покрыва перашыта з фелоні (рызы) – верхняй богаслужэбнай вопраткі праваслаўнага святара.

Слуцкі пояс. Беларусь, г. Слуцк, Радзівілаўская мануфактура. Пасля 1807 г.

Шоўк, металічная ніць, узорнае ткацтва. Метка кірыліцай у вуглах аднаго з канцоў: “СЛУЦКЕ”. Прыклад кунтушовага пояса позняга перыяду дзейнасці слуцкай мануфактуры. Канцы пояса з залатым фонам аздабляюць два матывы стройных кветкавых дрэўцаў, якія вырастаюць з маленькага капца зямлі геаметрычнай формы. Папярочныя палосы сярэдніка пояса багата аздоблены арнаментальным дэкорам, састаўленым з кветкавых галінак, разетак і іншых геаметрычных матываў, а таксама стылізаваных раслінных матываў. Галінка з кветкамі гваздзіка і півоні аздабляе вертыкальныя краі.

Слуцкі пояс аналагічны экзэмпляру з Нацыянальнага музея ў Варшаве (№ інв. SZT 738 MNW).

Набыта Музеем гісторыі Магілёва ў 2016 г. у прыватнага калекцыянера за кошт бюджэтнага фінансавання.

Кніга Казіміра Семяновіча “Вялікае мастацтва артылерыі”

Кніга К. Семяновіча “Вялікае мастацтва артылерыі”. Выданне 3-е, на нямецкай мове. Франкфурт-на-Майне, 1676 г. У адрозненні ад ранейшых выданняў (1650 г., на латыні, 1652 г. на францускай мове) выданне мае дадатковую 2-ю частку, якая, паводле меркавання даследчыкаў, магла быць заснаваная на чарнавых накідах самаго К. Семяновіча.

Захаванасць амаль поўная (адсутнічаюць 2 апошнія аркушы са зместам).

Набыта 26.12.2012 г. за кошт спонсарскай дапамогі ад кампаній “Геймстрым”, “Трайпл”, і за прыватныя ахвяраванні грамадзян.