Музейныя таямніцы. Сельтэрская вада.
Дарагія сябры, як заўжды з вамі праект “Музейныя таямніцы … або з гісторыі аднаго прадмета”!
Сёння размова пойдзе аб таямніцах адной надзвычай цікавай рэчы, якая была знойдзена падчас археалагічных раскопак падворка магілёўскага праваслаўнага архіепіскапа. Гэтая рэч – керамічная бутэлька выкананая з белай гліны. Яна пакрытая светлай карычневай палівай, мае зграбную маленькую ручку ў верхняй частцы. Знойдзена была пры раскопках архірэйскай лядоўні – падвальным памяшканні на паліцах якой, на колатым лёдзе, захоўваліся стравы і напоі. Што ж гэта за бутэлька? І што ў ёй было? На гэтае пытанне мы можам даць адназначны адказ, дзякуючы адціснатаму кляйму і подпісах на ім і побач з ім. Па цэнтру кляйма змешчана выява льва. Па перыметру кляйма чытаем надпіс – «Selters». Ніжэй кляйма ёсць змешчаны яшчэ адзін адціснуты надпіс-штамп – «HERZOGTHUM NASSAU». На гербе герцагства да 1836 года змяшчалі выяву арла, а пазней гэтага года – выяву льва. Герцагства існавала з 1806 па 1866 год. Таму знойдзены ў Магілёве выраб зроблены не раней 1836 і не пазней 1866 года.
Такім чынам, перад намі фірмовая нямецкая бутэлька, якая прыехала да нас з герцагства Насау. А захоўваўлася ў ёй сельтэрская вада. Здабывалася яна з крыніц Зэльтэрса ў Германіі і разлівалася ў адмысловыя бутэлькі з белай рэйнскай гліны. Менавіта такія вырабы і захоўваюцца ў нашай археалагічнай калекцыі, а адна бутэлька дэманструецца ў экспазіцыі музея. Сельтэрская вада была надзвычай модным і прэстыжным напоем у Еўропе з 1750 года, яна разыходзілася па ўсяму свету. Яе пілі паўсюль, дзе былі арыстакраты. Гэта напой багатых. Сэльтэрская – натуральна газаваная мінеральная вада. Дзякуючы ўтрыманню ў яе складзе вуглякісламу газу, яна мае саланаваты, шчыплячы язык, смак. Лічылася, што яна амаложвае і ачышчае арганізм. На балях у той час сэльтэрскую падавалі замест шампанскага, каб узнавіць сілу пасля танцаў.
Вось такія таямніцы аб гарадской гісторыі, гандлёвых і культурных сувязях нашага горада, распавяла нам гэтая бутэлька.
Вядучы навуковы супрацоўнік Марзалюк А.В.