# play # Ратуша Музейныя таямніцы

Музейныя таямнiцы. Круцыфікс “Ля Салет”

Вітаем Вас, шаноўныя аматары даўніны. Сёння мы распавядзем пра яшчэ адзін прадмет з фондаў нашага музея.

У 2015 годзе дабрадзей нашага музея Казакоў Валерый Мікалаевіч перадаў музею каштоўны экспанат – круцыфікс “Ля Салет”, які бытаваў у Магілёве ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя.

Круцыфікс вышынёй 22 см з меднага сплаву звяртае ўвагу незвычайным выглядам, такі тып нечаста сустракаецца на нашых абшарах. Магчыма гэты круцыфікс быў прывезены з Заходняй Еўропы.

19 верасня 1846 года ў Францыі каля горада Ля-Салет-Фалаво адбылося яўленне Багародзіцы двум маладым пастухам. На грудзях Маці Божай візіянеры Мялання і Максімен убачылі сімбаль пакуты Хрыста –  крыж, але ж так не падобны на іншыя вядомыя нам крыжы. На адным яго канцы знаходзіліся абцугі, на другім – малаток. Некаторыя бачылі ў іх прылады, выкарыстаныя ў час укрыжавання. Але сімвалы гэтыя маюць больш глыбокі сэнс. Бо малатком прыбіваюць, а з дапамогай абцугоў вызваляюць. Такім чынам, яны сімвалізуюць смерць і ўваскрасенне.

У Ла-Салет Багародзіца папярэдзіла аб бедствах і небяспецы, якія набліжаюцца і паказала хрысціянам, як іх пазбегнуць. Пасля пільнага вывучэння абставінаў з’яўлення і наступных падзей, а таксама паслання, Папа Пій ІХ ў 1851 годзе прызнаў аб’яўленне сапраўдным.

Галоўны захавальнік фондаў Наталля Прачакова