Музейныя таямніцы. Кнiга “Евангелие напрестольное”, 1773 г.
Музейныя таямніцы або з гісторыі аднаго прадмета.
Добры дзень, дарагія сябры і прыхільнікі нашага музея. Сёння мы пагаворым аб унікальнай кнізе, якая з’явілася ў установе адной з першых: ва ўжо далёкім 1995 годзе яна была набытая ў прыватнай асобы. Гэта “Евангелие напрестольное”, якое было выдадзена ў 1773 годзе ў друкарні Кіева-Пячэрскай лаўры.
Напрастольнае Евангелле з’яўляецца аб’ектам царкоўнага шанавання – да яго прыкладваюцца нароўні з напрастольным Крыжам і абразамі. Гэтая кніга – абавязковы атрыбут праваслаўнага храма, якая належыць на пасад у алтары і выносіцца святаром толькі для чытання.
У чым жа ўнікальнасць нашага Евангелля? Акрамя яго немаленькіх памераў – 24 х 39 см., гэта адзіная кніга ў фондах музея ў драўлянай вокладцы, што само па сабе кажа аб яе шаноўным узросце. Раней дрэва было абцягнута скурай, аформлена накладкамі. На жаль, да нашага часу захаваліся толькі невялікія фрагменты скуры. Але тым не менш гэтая кніга дае нам уяўленне аб тым, як афармляліся першыя друкаваныя і рукапісныя выданні, якія прыйшлі на змену гліняным таблічкам і скруткам. Толькі з 1820 года кніжныя вокладкі сталі набліжацца да знаёмых нам з вамі, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя…
Галоўны захавальнік фондаў С.П. Атрошчанка