Шэдэўры калекцыі і ўнікальныя артэфакты музея-запаведніка «Нясвіж» у Магілёўскай Ратушы
Магілёўская Ратуша стала пляцоўкай для перасовачнага юбілейнага праекту Нацыянальнага гісторыка-культурнага запаведніка “Нясвіж”. Фотавыстава “Шэдэўры калекцыі і ўнікальныя артэфакты музея-запаведніка “Нясвіж” вельмі арганічна працягвае цыкл выставак “Беларусь XXI стагоддзя”.
Пачатак дзевяностых гадоў ХХ стагоддзя адзначыўся карэннымі пераўтварэннямі ў жыцці грамадства. Аднак менавіта гэты нестабільны перыяд стаў часам адраджэння і стварэння новых музейных комплексаў. 2 ліпеня 1993 года выйшла Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь “Аб мерах па адраджэнні гісторыка-культурнай спадчыны і развіццю г. Нясвіжа”. Згодна з Пастановай быў заснаваны Нацыянальны гісторыка-культурны запаведнік “Нясвіж”, які праз некаторы час атрымаў таксама статус музея.
За трыццаць гадоў з даты заснавання ўстанова выйшла на лідзіруючыя пазіцыі ў музейнай сістэме краіны, была адзначана прэстыжнымі міжнароднымі ўзнагародамі і статусамі. У ліпені 2005 года «Архітэктурны, жылы і культурны комплекс Радзівілаў у Нясвіжы» быў уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, што дазволіла даведацца пра гэты ўнікальны аб’ект усёй сусветнай супольнасці і прыцягнуць дадатковую ўвагу да праблемы захавання культурнай спадчыны.
На выставе «Шэдэўры калекцыі і ўнікальныя артэфакты музея-запаведніка «Нясвіж» прадстаўлены звесткі пра найбольш каштоўныя і цікавыя прадметы з фондавых калекцый музея-запаведніка, у тым ліку прадстаўленыя ў экспазіцыях палацавага ансамбля і ратушы, а таксама аб’екты, якія з’яўляюцца часткай інтэр’ераў і экстэр’ераў знакамітага палацавага комплексу.
Сярод прадстаўленых прадметаў – найкаштоўнейшы фарфор, вырабы з мармуру і срэбра, загадкавыя механізмы, музычныя інструменты, шэдэўры дэкаратыўна-прыкладнога і зброевага мастацтва, якія выдатна спалучаюцца ў музейных залах з гравюрнымі работамі, прадметамі фалерыстыкі, мемарыяльнымі экспанатамі, шматлікімі гадзінамі, і старажытнай мэбляй работы вядомых майстроў.
Фотавыстава будзе размяшчацца ў вежы Магілёўскай Ратушы да 12 жніўня.