Музейныя таямніцы. Керамічная плітка-пано
Дарагія сябры, з вамі праект “Музейныя таямніцы ….або з гісторыі аднаго прадмета”!
Магілёў – горад унікальны. Яго гісторыя эпохі Магдэбургскага права яскравае таму пацверджанне. Магутнае эканамічнае развіццё, гандлёвыя і культурныя сувязі з гарадамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы ў XVI – XVII стст. стваралі магутны імпульс да ўзнікнення самабытнай матэрыяльнай культуры. Яскравае таму пацверджанне – вонкавае аздабленне фасадаў мураваных дамоў (камяніц) багатага магілёўскага мяшчанства (патрыцыята).
Як вядома ў Італіі ў эпоху Рэнесанса, асабліва ў XVI ст, узнікае мода на аздабленне вонкавых фасадаў жылых дамоў фрэскамі, ляпнінай, малюнкамі. Гэтая мода прыйшла ў наш горад не пазней за XVII ст. Так падарожнік чэх Бернгард Танер у 1678 г. адзначыў, што Магілёў складаецца з дамоў “аздобленых чымсці падобным на іконы, мастацкія і цудоўныя”.
Падобная ляпніна захоўвалася на купецкіх камяніцах яшчэ нават у XX ст. Класічны прыклад – сучасная Крыжаўздвіжанская царква побач з Быхаўскім кірмашом. Узведзена ў XVII ст. як жылы дом, які ў XIX ст. быў перабудаваны пад царкву. Першапачаткова – 1-павярховы квадратны ў плане будынак, падзелены сцяной на 2 рознавялікія памяшканні. Меў рысы дэкору, характэрныя для XVII ст., так атынкаваныя фасады былі дэкарыраваны раслінным арнаментам, які нагадваў беларускія матывы, фрэскамі на паўднёвай сцяне, шырокім карнізам, які апярэзваў па перыметры будынак.
Такія будынкі існавалі ў тым ліку на Пакроўскім пасадзе (Падміколлі) адным з багацейшых гарадскіх пасадаў дзе было шмат купецкіх мураваных дамоў-камяніц. Каля падмурка аднаго з такіх будынкаў і было знойдзена ўнікальнае керамічнае паліхромнае панно аздобленае малюнкам з раслінным арнаментам. Уявіце сабе на хвіліначку – фасад дома быў абліцаваны такімі керамічнымі плітамі-пано і ўяўляў з сябе своеасаблівы шматколерны дыван, які ствараў ні з чым не паўторны малюнак. Безумоўна, падобныя рэчы сабе маглі сабе дазволіць толькі багатыя людзі. Як правіла, падобныя аздобы спалучаліся з фрэскавым роспісам і ляпнінай, якая звычайна наносілася на праёмах вокнаў і іх карнізах і казырках. Шкло ў вокнах такіх багатых дамоў было вітражнае, а шкельцы мацаваліся ў бронзавых пераплётах, якія зіхцелі на сонцы, як залатыя. Крыніцы аб падобных будынках у іншых гарадах Беларусі маўчаць.
Такім чынам, гэта своеасаблівы магілёўскі “эксклюзіў”, які пацвярджае ганарлівае магілёўскае выслоўе аб тым, што “мы з Магілёва – дзе ўсё правідлова!”.
Вядучы навуковы супрацоўнік Марзалюк А.В.