Карціна Ганны Конанавай “Прэм’ера. Магілёўскі драматычны тэатр”
Добры дзень! Дарагія сябры, працягваем знаёміць вас з калекцыяй “Жывапіс” і прадстаўляем карціну Ганны Конанавай “Прэм’ера. Магілёўскі драматычны тэатр”. Работа была падораная мастаком у 2013 годзе. Ганна Уладзіміраўна Конанава – мастак-жывапісец, кандыдат мастацтвазнаўства, прарэктар па вучэбнай рабоце БДАІ, нарадзілася ў Магілёве ў творчай сям’і скульптара Уладзіміра Леанідавіча Конанава і мастака-жывапісца Галіны Мікалаеўны Конанавай (Лапцёнак).
Твор «Прэм’ера…» быў створаны мастаком у студэнцкія гады. Выбар тэмы кампазіцыі звязаны з дзіцячымі ўспамінамі, любоўю да роднага горада Магілёва і захапленнем да тэатральнага мастацтва. Вось што распавядала Ганна: “Бацька часта ў дзяцінстве вадзіў мяне на спектаклі Магілёўскага абласнога тэатра лялек. Пазней, мы наведвалі прэм’еры Магілёўскага драматычнага тэатра. Захапленне і эмацыйную радасць ад сакрамэнту сцэнічнага дзеяння я ніколі не забуду. Пасля паходу ў тэатр, ужо дома мы дзяліліся ўраджаннямі аб мастацтве: малявалі з бацькам герояў, стваралі фігуркі акцёраў з пластыліну, кардона або каляровай паперы, ладзілі хатні тэатр. З першага класа я наведвала Магілёўскую дзіцячую школу мастацтваў №1 на вуліцы Грышына, дзе акрамя творчых спецыяльнасцяў, наведвала тэатральную студыю Васіля Мікалаевіча Гальца, пра якога ўспамінаю з вялікім цяплом. Экзістэнцыя майго жыццёвага шляху адбылася ў жывапісу. Але эмацыйнае стаўленне да мастацтва тэатра займае асаблівае месца ў маёй душы.
Карціне “Прэм’ера…” папярэднічаў аднайменны варыянт дадзенай кампазіцыі, напісанай на больш ранніх курсах. А таксама работа з падрыхтоўчым матэрыялам у выглядзе пейзажных эцюдаў з натуры, эскізаў, накідаў, партрэтаў сучаснікаў. Групу на пярэднім плане ствараюць характары сяброў-аднакурснікаў, а таксама студэнтаў, навучэнцаў на курс малодшай альбо старэй. Падыходная фігура справа – аўтапартрэт”.
Творы Ганны Конанавай знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Магілёўскага абласнога мастацкага музея ім. П.В. Масленнікава, у галерэях Польшчы і Чарнагорыі, у прыватных калекцыях многіх краін свету. Маляўнічы партрэт “Малады Хасэ Марці” мастака быў падораны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам Прэзідэнту Кубы Мігелю Марыё Дыяс-Канелю Бермудэсу ў рамках сустрэчы прэзідэнтаў.