Музейныя таямніцы або з гісторыі аднаго прадмета. Гісторыя шостая: “Статуэтка аленя, які бяжыць”
Добры дзень, паважаныя сябры! Мы спадзяёмся, што традыцыйна кожны чацвер вы з нецярпеннем адкрываеце наш сайт і прадстаўляем вашай увазе працяг інфармацыйнага праекта “Музейныя таямніцы… або з гісторыі аднаго прадмета”.
У фондах музея захоўваецца цікавы элемент хатняга інтэр’еру – статуэтка аленя, які бяжыць. Выраблена яна з бронзы ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзя, мае вышыню 10 см. Рэч пашкоджана: фрагменты двух ног часткова страчаны, а драўляная падстаўка абгарэлая. Гэта быў бы і не вельмі каштоўны музейны прадмет, калі б не ягоная гісторыя. Статуэтка захоўвалася ў адной з хат вёскі Буйнічы, і абгарэла ў пажары падчас бамбардыроўкі ў страшным гарачым ліпені 1941 года.
Экспанавалася яна толькі адзін раз у 2017 годзе на выставе “Невядомы Магілёў”.