Выяві сябе – самая народная выстава вяртаецца!
Самая народная выстава года вяртаецца!
Выстава “ВЫЯВІ СЯБЕ” ў другі раз пройдзе ў Выставачнай зале музея гісторыі Магілёва (вул. Болдзіна, 1) з 2 па 19 мая.
Нагадаем, гэтая выстава праходзіць у сусветна вядомым і культавым фармаце выставачнага праекта “36 hours” Ўолтэра Хопса. Прыняць удзел у гэтай выставе можа кожны чалавек. Для гэтага неабходна прынесці сваю мастацкую работу (карціну, скульптуру, інсталяцыю і да т.п.) ў выставачную залу музея на вул. Болдзіна-1 пачынаючы з 11.00 2 мая. Адзіны адборачны крытэрый – каб Ваша работа змагла пралезці ў дзверы.
Для ўдзелу ў выставе неабходна будзе аплаціць ўнёсак 15 рублёў у прызавы фонд. На працягу ўсёй выставы наведвальнікі змогуць прагаласаваць за любую прадстаўленую работу, і па выніках гэтага галасавання пераможца атрымае грошы з прызавога фонда. Таксама на выставе Ваша карціна можа быць прададзена любому наведвальніку (але забраць яе новы гаспадар зможа толькі пасля заканчэння выставы).
! Звяртаем увагу ўдзельнікаў на неабходнасць паклапаціцца пра мацаванне, калі работа разлічана на тое, каб вісець на сцяне.
“36 hours” – эксперыментальны выставачны праект вядомага амерыканскага арт-куратара Ўолтэра Хопса, праведзены ў 1978 годзе ў Вашынгтоне. Ідэя заключалася ў тым, што на працягу 36 гадзін любы жадаючы мог прынесці сваю работу і размясціць яе на выставе. Гэты фармат неаднаразова паўтараўся ў самых розных гарадах, у 2017 і 2018 гг. пад назвай “Я – Манэ, Я – Шышкін, Я – Малевіч” падобная выстава з поспехам прайшла ў Мінску, у 2018 г. пад назвай “Выяві сябе” – упершыню і ў Магілёве (на фота – Вераніка Юргелас, пераможца выставы “Выяві сябе” ў 2018 г.).