Чыгуначны вакзал.
Помнік грамадзянскай архітэктуры стылю неакласіцызму. Каменны будынак пабудаваны ў 1902 г. калі праз Магілёў прайшоў чыгуначны шлях Санкт-Пецярбург – Адэса.
Пасля рэканструкцыі ў 2000-2004 гадах пасажырскі комплекс вакзала станцыі Магілёў набыў сучасны выгляд. На пероне ўсіх гасцей горада сустракае скульптура чыгуначніка.
Драматычны тэатр.
Будынак з’яўляецца помнікам эклектыкі і псеўдарускага стылю. Праект тэатра распрацаваў архітэктар П.Р. Камбуроў і інжынер В. С. Мiльяноўскі. Пабудавана ў перыяд з 1886 па 1888 г. Для будаўніцтва былі сабраны ахвяраванні з усёй Магілёўскай губерні. У 1889 г. адкрыты першы тэатральны сезон. На падмостках тэатра выступалі вядомыя артысты і культурныя дзеячы: Вера Камісаржэўская, Сяргей Рахманінаў, Фёдар Шаляпін, Янка Купала і Якуб Колас. У свой час тэатр наведваў Мікалай II.
Свята-Мікольскі жаночы манастыр.
Ансамбль Мікалаеўскай царквы адзіны комплекс архітэктуры барока, які захаваўся цалкам. Адноўлены і рэканструяваны ў наш час. Галоўны будынак пабудаваны ў 1669-72 гадах. Асаблівасцю храма з’яўляецца разьбяны 4-х ярусны іканастас, створаны беларускімі майстрамі.
Гарадская ратуша.
Першая драўляная Ратуша была пабудавана яшчэ ў 1578 г. пасля прысваення гораду Магдэбургскага права. Драўляныя пабудовы неаднаразова згаралі. Каменная Ратуша была пабудавана ў 1698 у стылі барока, затым у 1773 г. рэканструявана і ў такім выглядзе стаяла да Вялікай Айчыннай вайны. У гады вайны была пашкоджана. Адноўлена ў 2008 годзе. Цяпер тут знаходзіцца Музей гісторыі Магілёва. Турыстаў зацікавіць не толькі музейная экспазіцыя, але і фігура гарніста Магіслава, які выходзіць на балкон Ратушы апоўдні, каб выканаць гімн горада.
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Станіслава.
З канца XVIII стагоддзя сабор быў цэнтральным месцам каталіцкага архібіскупства, бо ў той час Магілёў з’яўляўся сталіцай рымска-каталіцкай царквы ў Расійскай імперыі. Будаўніцтва касцёла ў стылі барока вялося з 1738 па 1752 год. Касцёл славіцца сваімі ўнікальнымі фрэскамі. Унутры будынка знаходзіцца арган, які дазваляе праводзіць канцэрты для прыхільнікаў арганнай музыкі.
Мемарыяльны комплекс “Буйніцкае поле”.
Мемарыяльны комплекс “Буйніцкае поле” адкрыты ў 1995 годзе да 50-годдзя Перамогі ў Вялікай айчыннай вайне ў памяць аб абаронцах горада. У цэнтральнай частцы ўзвышаецца 25-мятровая капліца. Унутры капліцы размешчаны ківач Фуко, які сімвалізуе вечную памяць і неўміручасць. У склепе пахаваныя астанкі абаронцаў Магілёва. На тэрыторыі мемарыяла размешчаны ўзоры баявога ўзбраення перыяду Другой сусветнай і сучасныя ўзоры тэхнікі. Буйніцкае поле стала сімвалам адвагі савецкіх салдат падчас Вялікай айчыннай вайны. Магілёў абараняўся 23 дні ад праўзыходных сіл нямецка-фашысцкіх войскаў. Сведкам падзей быў карэспандэнт газеты “Чырвонаармейская праўда”, пісьменнік Канстанцін Сіманаў. Легендарную бітву ён апісаў у нарысе «Гарачы дзень», а свой прах пасля смерці завяшчаў развеяць над Буйніцкім полем.
Магілёўскі абласны мастацкі музей ім. П.В. Масленікава.
Будынак з’яўляецца помнікам грамадзянскай архітэктуры. Будынак узведзены ў 1903-1914 гадах з рысамі мадэрна, рускага стылю і позняга класіцызму па праекце архітэктара А.У. Друкера. Зараз тут знаходзіцца Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В. Масленікава. Гісторыя будынка багатая падзеямі. Калісьці тут быў пазямельна-сялянскі банк. У 1917 годзе ў будынку знаходзілася выдавецтва газеты «Рэвалюцыйная стаўка». З мая 1919 года тут размяшчаўся Магілёўскі дзяржаўны гістарычны музей. Яго славутасцю быў браняваны пакой-сейф, у якім захоўваліся музейныя рэліквіі, сярод якіх быў Крыж Еўфрасінні Полацкай. Усе каштоўнасці бясследна зніклі летам 1941 года.
Астролаг і Плошча зорак.
На пешаходнай частцы вуліцы Ленінскай знаходзіцца плошча зорак. Яе цэнтральнай фігурай стаў астролаг, які сядзіць на высокім крэсле. Побач тэлескоп, які з’яўляецца гноманам – стрэлкай-паказальнікам сонечных гадзін. Вакол стаяць дванаццаць крэслаў – па адным на кожны знак задыяку. Аўтарам скульптурнай кампазіцыі стаў знакаміты і таленавіты беларускі скульптар Уладзімір Жбанаў.
У гасцей і жыхароў горада ёсць традыцыя знаходзіць сваё крэсла, прысаджвацца ў яго, загадваць жаданне і потым дакранацца да пальца рукі Астролага. Кажуць, жаданні выконваюцца.
Плошча Славы.
Адна з цэнтральных плошчаў нашага горада. За шматвяковую гісторыю не раз мяняла сваю назву. Была Гандлёвай, Губернатарскай і Савецкай. У 2014 годзе атрымала назву «Плошча Славы».
У цэнтры, на высокім пастаменце, устаноўлена бронзавая скульптура жанчыны, якая ўвасабляе Перамогу. Перад пастаментам гарыць Вечны агонь. Па перыметры – стэлы з барэльефамі “Кастрычнік”, “Калектывізацыя”, “Абарона Магілёва ў 1941 годзе”, “Партызанскі рух”, “Пасляваеннае адраджэнне”.
Палац арцыбіскупа Георгія Каніскага.
Архіярэйскі палац выбітнага праваслаўнага дзеяча, вучонага і асветніка, прылічанага да ліку святых Беларусі –Георгія Каніскага – быў узведзены ў 1762–1785 гадах архітэктарам Янам Глаўбіцам. Сёння архіерэйскі палац знакаміты не толькі як цудоўны помнік барока XVIII стагоддзя: тут працуе Духоўна-асветніцкі цэнтр імя свяціцеля Георгія Каніскага.