Музей гісторыі Магілёва размяшчаецца ў будынку адноўленага помніка архітэктуры XVII стагоддзя – гарадской Ратушы.
Экспазіцыя музея называецца “Магілёў у эпоху магдэбургскага права”, але дазваляе прасачыць асноўныя этапы ў развіцці горада ад глыбокай старажытнасці да канца ХІХ ст., а цэнтральная частка экспазіцыі прысвечаная часу найбольшага культурнага росквіту Магілёва, калі горад быў адным з самых буйных і ўплывовых ва Ўсходняй Еўропе – перыяду з XVI па XVIIІ стагоддзі. У гэты час Магілёў уваходзіў у склад Вялікага княства Літоўскага, пачынаючы з 1577 г. меў права на самакіраванне (Магдэбургскае права) і быў прыроўнены ў правах да сталіцы дзяржавы, Вільні.
Адметнасць магілёўскай Ратушы – як і стагоддзі таму, яна з’яўляецца цэнтрам гарадскога жыцця. Тут, у шыкоўнай канферэнц-зале адбываюцца ўрачыстыя сустрэчы, падпісанні міжнародных пагадненняў, прэс-канферэнцыі і прыёмы старшыні гарвыканкама, рэгістрацыі шлюбаў. Канферэнц-зала ўпрыгожаная партрэтамі магілёўцаў, якія пакінулі яркі след у гісторыі горада і Беларусі.
Музей мае таксама войтаўскую залу, якая вяртае нас у часы магдэбургскага права, у часы самастойнага і заможнага горада. Асноўныя экспазіцыйныя памяшканні знаходзяцца на першым паверсе. Тут мы даведваемся, што горад узнік на высокім беразе Дняпра ў канцы І тысячагоддзя н.э., і быў заселены славянамі, якія актыўна гандлявалі на шляху “з варагаў у грэкі”. Пачынаючы з XVI ст. горад рос і ўзвышаўся над астатнімі, гандлюючы з самымі далёкімі краямі, мужна баронячыся ў час шматлікіх войн і навалаў. Побыт гараджаніна ў XVI – XVIІІ стст., сімвалы ўлады і свабоды, канфесійнае жыццё, вопратка, узбраенне і прылады працы, упрыгожванні, мода і гульні – вядучыя тэмы асноўнай экспазіцыі музея.
Выбітная каштоўнасць у музейнай экспазіцыі – адзіны ў Беларусі экзэмпляр Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 г., выкуплены за кошт прыватных ахвяраванняў грамадзян і дзякуючы спонсарскай дапамозе кампаніі Alpari. Статут 1588 г. – вышэйшае дасягненне старабеларускай прававой думкі, папярэднік еўрапейскіх канстытуцый і самы прагрэсіўны ў тагачаснай Еўропе дзяржаўны звод законаў.
Вежа магілёўскай Ратушы, узведзеная на вышыню 47-мі метраў, мае назіральную пляцоўку, з якой адкрываецца маляўнічы відарыс на пойму Дняпра. На самым версе вежы ўсталяваны ўнікальны механічны гадзіннік, выраблены магілёўскім гадзіннікавым майстрам Г.Галоўчыкам. Стрэлка на адным з цыферблатаў праходзіць кола адзін раз за 500 гадоў.
Музей працуе: з 10.00 да 18.00.
Выходныя: Панядзелак, аўторак.
Увага! У сувязі з правядзеннем у музеі афіцыйных, урачыстых і святочных мерапрыемстваў, просім загадзя ўдакладняць інфармацыю пра магчымасць наведвання экспазіцыі.
Адрас дырэкцыі: Рэспубліка Беларусь г. Магілёў, вул. Ленінская 1А.
Дырэктар: Бяспанскі Сяргей Iванавіч
Прыём грамадзян па асабістых пытаннях дырэктарам: аўторак, з 8.00 да 13.00
Прамая лінія – кожны першы працоўны аўторак квартала, з 9.00 да 10.00 па тэл. +375(222)24-50-10
У яго адсутнасць:
– Намеснік дырэктара па агульных пытаннях: Чэпкасава Ала Анатольеўна
– Галоўны захавальнік фондаў: Прачакова Наталля Алегаўна
Тэлефон гарачай лініі: +375(222)24-50-11
Тэлефон прыёмнай: +375(222)24-50-11
Запіс экскурсій: +375(222)78-59-68 (штодзённа з 10.00 да 17.00, абед з 13.00 да 14.00).
Пералік адміністратыўных працэдур на падставе заяўнага прынцыпу «адно акно»: Спампаваць