Мемарыяльны комплекс Буйніцкае поле

На полі воінскай славы пад Магілёвам, дзе 12-га ліпеня 1941-га года адбыўся самы жорсткі бой з танкавымі часткамі вермахта, у 1995 годзе пабудаваны мемарыяльны комплекс “Буйніцкае поле”. Гэтае святое месца стала сімвалам мужнасці, школай патрыятычнага выхавання.

Гісторыя стварэння МК «Буйніцкае поле».

У памяць аб гераічнай абароне горада Магілёва ў ліпені 1941-га года ўзведзены мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле».

У 1983 годзе Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт прыняў рашэнне аб праектаванні мемарыяла, а ў 1994 годзе (рашэнне № 8-24 ад 13.06.1994 года) аб будаўніцтве мемарыяльнага комплексу. Будаўніцтва вялося на падставе праекту, які атрымаў першую прэмію на архітэктурным конкурсе, праведзеным Магілёўскім аблвыканкамам у 1994 годзе.

Аўтары конкурснага праекта: архітэктар У.Чаленка, скульптар В.Байцун, архітэктар А.Бараноўскі. Першая чарга мемарыяльнага комплексу была ўзведзена ў 1995 годзе ў год 50-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Рэалізацыя другой чаргі будаўніцтва ў 2003 годзе.

У 2003 годзе Мемарыял атрымаў Дыплом Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь на “Пятым нацыянальным фестывалі архітэктуры”.

У 2012 годзе Мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле» уключаны ў «Сем галоўных славутасцяў горада» («Сем цудаў архітэктуры») пад № 4.

Пастановай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14.05.2007 года № 578 мемарыяльнаму комплексу “Буйніцкае поле” прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі “3”.

Апісанне МК «Буйніцкае поле».

Мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле» займае тэрыторыю 18,55 га ў межах: аўтадарога Магілёў-Бабруйск, аўтадарога на нафтабазу, п.Буйнічы, створ памятнага знака К. Сіманаву.

Мемарыял задуманы як мемарыяльны парк з элементамі ландшафтнай архітэктуры. У яго складзе: мемарыяльная капліца вышынёй 24,582 м, пабудаваная ў рэтраспектыўным рускім стылі на штучным узгорку з хрысціянскім крыжом над медным купалам, трыма двухстворкавымі драўлянымі дзвярыма з дэкаратыўнымі жалезнымі кратамі, вонкавай металічнай памятнай дошкай, трыма ярусамі ўнутранага фрэскавага роспісу, размешчанымі ўнутры ў нішах чатырма металічнымі дошкамі з імёнамі ўдзельнікаў абароны г.Магілёва і маятнікам Фуко, які сімвалізуе, па задуме, вечную памяць пра воінаў, якія загінулі ў баях за нашу Радзіму; пад капліцай склеп, дзе пахаваны прах загінуўшых воінаў; над уваходам у склеп размешчаны металічная мемарыяльная дошка і ахоўны знак воінскага пахавання; “Возера слёз” з востравам, двума масткамі, двума бетоннымі лесвіцамі і плітамі па частцы абзы вады, прыроднымі валунамі альпінарыя, пешаходнымі дарожкамі па набярэжнай і пляцоўкамі для адпачынку; два гаі (на поўдзень і поўнач ад возера) з дрэў лісцяных парод; захаваныя асобна стаячыя дубы і іншыя дрэвы; захаваны і акультураны фрагмент супрацьтанкавага рова; абеліск-помнік (з 1962 года) 172-й стралковай дывізіі; мемарыяльны знак-камень, устаноўлены 25 лістапада 1980 года для ўвекавечання памяці рускага савецкага пісьменніка і паэта, грамадскага дзеяча К. Сіманава, які знаходзіўся 13-14 ліпеня ў якасці ваеннага карэспандэнта на пярэднім краі абароны 172-й стралковай дывізіі каля в.Буйнічы і прах якога, паводле завяшчання, быў развеяны 8 верасня 1979 года над Буйніцкім полем.

Да капліцы сыходзяцца алеі: цэнтральная з трохзводчатай брамай галоўнага ўваходу на мемарыял, на крылах якой размешчаны шэсць металічных мемарыяльных пано (схема абароны горада Магілёва; пералік частак і злучэнняў, якія абаранялі дняпроўскі рубеж; вершы А.Пысіна аб Буйніцкім полі; Указ Прэзідыума Вярхоўнай Рады СССР аб узнагароджанні горада Магілёва Ордэнам Айчыннай вайны першай ступені ў 1980 г.; радкі з кнігі “Успаміны і разважанні” Г.Жукава; пано, прысвечанае магілёўскаму народнаму апалчэнню); алея “Жывых і мёртвых”; алея Міра (“Алея абаронцаў горада Магілёва”, закладзена 17 красавіка 2004 года актывам БРСМ у гонар вайсковых часцей і злучэнняў, якія абаранялі г. Магілёў на дняпроўскай мяжы; у пачатку алеі замуравана капсула з пасланнем маладому пакаленню, месца пазначана металічнай мемарыяльнай дошкай); алея К.Сіманава (“Алея памяці і славы”, закладзена ў гонар 70-годдзя Перамогі Савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне на рэспубліканскім суботніку 18 красавіка 2015 года). Пешаходная дарожка злучае цэнтральную алею з алеяй К.Сіманава.

На мемарыяле размешчаны пляцоўкі з узорамі савецкага артылерыйскага і бранятанкавага ўзбраення, які граміў ворага ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама, сімвалізуючы пераемнасць гераічных традыцый, тут устаноўлена савецкая баявая тэхніка і нашых дзён: тры 76-мм гарматы ЗІС-З узору 1942 года; 122-мм гаўбіца М-30 узору 1938 года; дзве 85-мм супрацьтанкавыя гарматы Д-44; 100-мм зенітная гармата КС-19; цяжкі танк ІС-2 (Іосіф Сталін) узору 1944 года; 100-мм самаходная артылерыйская ўстаноўка СУ-100 (перададзена пошукавікамі з г. Шклова); танк Т-72 (танк “Урал”); танк Т-80; інжынерная разведвальная машына «Жук» (перададзена інжынернымі войскамі); баявая машына дэсанта БМД-1.

Як унікальны ўзор трафейнай тэхнікі тут устаноўлена нямецкая камандзірская штабная машына на базе сярэдняга танка Т-З, або па нямецкай мадыфікацыі PzKpYWt Aust. E, паднятая з ракі Друць у 1994 годзе і адрэстаўраваная да вясны 1995 года. Танк мае выгляд зрынутага, перад ім размешчаны супрацьтанкавыя «вожыкі» з рэек, якія сімвалізуюць, што кірунак на г. Бабруйск у ліпені 1941 года быў прыкрыты супрацьтанкавай абаронай.

УК «Музей гісторыі Магілёва» праводзіць на МК «Буйніцкае поле» тэматычныя заняткі «Магілёў скрозь стагоддзі (Буйніцкі мемарыял)».

Тэматычныя заняткі па Буйніцкім полі: 40 руб. за 1 гадзіну (група да 25 чал.) паводле папярэдняга запісу.

Па рашэнні Магілёўскага гарвыканкама №2-11 ад 20.01.2009 г. МК «Буйніцкае поле» пераведзены на сезонную працу (комплекс адкрыты для наведвальнікаў з 1 красавіка да 31 кастрычніка).