Гiсторыя Магiлёва. Кароткі нарыс
Магілёў. Гісторыя. Частка 1
§ 1.1. Уводзіны
Для сучаснага чалавека непаўторным, асобым рамантызмам пранікнуты думкі аб старажытных эпохах. Спачатку першабытныя людзі навучыліся паляваць, здабываць полымя; у эпоху мэзаліту зўявіўся лук і стрэлы, дзікі сабака быў прыручаны і стаў верным сябрам і дапаможнікам. Цяжка паверыць, што ўжо ў гэтыя незапамятныя часы на тэрыторыі нашага роднага горада жылі людзі. Але археолягі знайшлі месцы стаянак першабытнага чалавека. Адно з іх знаходзілася на ўсходняй ускраіне сучаснага Магілёва (позні мэзаліт, 6-5 тыс. да н. э.). А там, дзе зараз знаходзіцца парк імя Горкага, было некалі гарадзішча Магіла. У Х стагоддзі тэрыторыя сучаснага Магілёва ўвайшла ў склад Кіеўскай Русі. Але горад Магілёў, аб якім пойдзе размова, быў заснаваны значна пазней. З яго ўзнікненнем звязаны шматлікія легенды, якія перадаюцца з вуснаў у вусны з пакалення ў пакаленне.
§ 1.2. Легенды аб заснаванні Магілёва
Адна з легенд звязана з іменем галіцкага князя Льва Данілавіча Могія (магутны леў). Нібыта ў 1267 годзе на лукавіне Дняпра пры ўпадзенні ў яго рэчкі Дубравенкі па загаду князя быў пабудаваны замак. Каля гэтага будынку пачалі сяліцца рыбакі, рамеснікі і гандляры. З той пары шмат змянілася, няма болей старога замка. У апошні раз яго спалілі ў 1595 годзе. Некаторыя даследчыкі лічаць, што назва Магілёва паходзіць ад імя Полацкага князя Льва Уладзіміравіча (Льва Магутнага). Але есць яшчэ адна легенда — самая вядомая. Яна кранула сэрца народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, і ен напісаў паэму «Магіла Льва». Легенда расказвае, што на тым месцы, дзе зараз раскінуўся горад, калісьці шумелі драмучыя і непраходныя лясы, у тыя даўнія часы яны прытулілі волата Машэку, у якога самадур-баярын адабраў нявесту. Машэка ўзбунтаваўся і пачаў помсціць за сваю крыўду, за слёзы народа ўсім багатырам-прыгнятальнікам. Магутны волат загінуў, загінуў ад рукі сваёй каханай, якая стала жонкай баярына. Просты люд пахаваў волата, асілка на высокім беразе Дняпра і насыпаў над магілай курган..
Дзе лес ды вецер панаваў –
Знаць, што вялікую меў сілу,
«Магілай Льва» народ назваў.
Над ёю з часам дрэвы палі
І горад вырас, як з зямлі,
Яго Магілевам назвалі,
Бо йнакш прыдумаць не маглі.
§ 1.3. Далейшы лес Магілёва
Пачынаючы з 14-га ст. Магілёў уваходзіў у склад Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). У канцы таго ж стагоддзя горад перайшоў у маёмасць Ядвігі — жонкі польскага караля і вялікага князя літоўскага Ягайлы. У народзе існуе мноства легенд аб гэтай жанчыне… Адна з іх такая: ВКЛ неабходна было наблізіцца да Польшчы, каб пазбегнуць знешняй небяспекі. Адной з умоў аб’яднання была жаніцьба 36-гадовага Ягайлы на 13-гадовай Ядвізе. Але дзяўчына з чатырох год была заручана з аўстрыйскім герцагам Вільгельмам, кахала яго і ў 12 год павінна была стаць яго жонкай. Вяселле амаль адбылося, але ў апошні момант у Кракаўскі замак уварваліся польскія феадалы. Ім удалася пераканаць Ядвігу, што яе ахвяра неабходна дзеля дабрабыту Польшчы. У 1386г. адбылося вяселле Ягайлы і Ядвігі. Дзяўчына згадзілася з адзінай умовай. Аб гэтым расказвае гістарычны анекдот. Справа ў тым, што перад вяселлем злыя языкі нашапталі Ядвізе, што цела будучага мужа пасечана ў баях, і ад атрыманых ран ён не можа быць бацькам. Ядвіга направіла свайго пасланца да Ягайлы з таемнай мэтай праверыць праўдзівасць чутак. Ягайла, які хутка зразумеў мэты візіту, пайшоў з пасланцам у лазню, дзе той мог пераканацца ў здароўі будучага караля. У шлюбе Ядвіга так і не падаравала мужу дзяцей, хаця ен пражыў з ёй 13 год. Ягайла ў будучыні ажаніўся яшчэ тройчы, і толькі апошняя жонка — 16-гадовая Соф’я Альшанская, нарадзіла яму сыноў, у тым ліку і будучага вялікага князя літоўскага і караля польскага Казіміра. У 1503 годзе Магілёў быў наданы ў пажыццёвае валоданне Алене Іаанаўне — жонцы польскага караля і вялікага князя літоўскага Аляксандра. У 1514 годзе горад быў адданы ў валоданне Ю. Зяновічу.
§ 1.4. Гандаль у Магілёве. Купецкія вярхі
У сярэдзіне 17-га стагоддзя ў Магілёве было мноства гандлёвых лавак, якія належалі таваравытворцам. Гандлем у горадзе займаліся купцы. У іх кругах з’явіліся кіруючыя вярхі. Іх яшчэ называлі купецкім братэрствам. Гэта аб’яднанне імкнулася дасягнуць манаполіі на гарадскім рынку. Магілёў здаўна займаў спрыяльнае геаграфічнае становішча. Тут з шумам уносіў у далечыню свае воды Дняпро, тут жа перакрыжоўваліся найважнейшыя гандлёвыя шляхі. І, несумненна, гандляры, карыстаючыся з гэтага падарунка прыроды, імкнуліся наладзіць сувязі з рознымі гарадамі. У самых блізкіх гарадох і мястэчках купцы пазбаўляліся ад платы пошлін. Што да агульнай колькасьці гарадоў, з якімі падтрымліваліся сувязі, то іх было болей за 60.
§ 1.5. Насельніцтва Магілёва
Насельніцтва Магілёва было неаднародным па сацыяльным складзе і маемасным становішчы. Самымі заможнымі прадстаўнікамі па праву можна лічыць шляхту і духавенства, а таксама замкавую адміністрацыю. Шляхта валодала выключным правам на валоданне зямлёй, была збаўлена ад большасці падаткаў. У час кіравання Казіміра яна да ўсяго іншага атрымала і права чыніць суд над падданымі ў сваіх уладаннях. Духавенства займалася выкананнем рэлігійных мерапрыемстваў. Яно карысталася шматлікімі вольнасцямі шляхты. І ўсё ж становішча прадстаўнікоў гэтага класа моцна хісталася. Гэта залежала ад пануючай рэлігіі. Так, да канца 14 стагоддзя дамінавала праваслаўе, пасля чаго яно саступіла месца каталіцызму амаль да 18-га стагоддзя. І што гаварыць аб тым, што пробашчы і псаломшчыкі не маглі раўняцца на прадстаўнікоў больш высокіх рангаў (епіскапаў, мітрапалітаў, архімандрытаў). Асноўнай групай насельніцтва былі мяшчане, жыхары гарадоў. Гэта і купцы, і рамеснікі, і домаўладальнікі, цэхавыя і не цэхавыя майстры, сярэднія гандляры. Сюды ж патрэбна аднесці і гарадскую беднату: чаляднікаў, вучняў і мелкіх гандляроў, слуг, падзёншчыкаў, наймітаў. Доўгі час яны выконвалі тыя ж павіннасці, што і сяляне, і нават часам разам з сялянамі. Усё змянілася толькі ў 16-м стагоддзі з увядзеннем незалежнага ад воласці гарадскога кіравання — войтаўства. У 1569 годзе на падставе Люблінскай вуніі паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчай Магілёў увайшоў у склад створанай дзяржавы Рэчы Паспалітай.
§ 1.6. Магдэбурскае права
У 1577 годзе Магілёў атрымаў Магдэбурскае права. Як сімвал самакіравання і вольнасці гандлю была пабудавана на плошчы гарадская ратуша. У 1606 годзе паўстанцы рамеснікі пад кіраўніцтвам Стахора Мітковіча расчынілі дзверы ратушы і магістрата, разагналі шляхецкае кіраванне і захапілі ўладу ў свае рукі. Толькі праз чатыры гады панам і шляхце ўдалася падавіць паўстанне. Яны жорстка расправіліся з тымі, хто са зброяй у руках выступаў супраць гвалту і прыгнёту.
§ 1.7. Брэсцкая царкоўная вунія
1596 год зўяўляецца годам своеасаблівай царкоўнай рэформы. На тэрыторыі Рэчы Паспалітай утварылася абўяднанне праваслаўнай і каталіцкай цэркваў.
У гэты час у Беларусі абвастрылася царкоўная барацьба. Своеасаблівай формай рэлігійна-палітычнага руху былі праваслаўныя братчыны, куды ўваходзілі галоўным чынам рамеснікі, гандляры, а таксама духавенства і шляхта. Братчына кушняроў Магілёва, створаная ў 1589 годзе, была адной з першых у Беларусі. Вядомы братчыны пры царквах Святога Спаса, Богаяўленскай і іншых. Братчыны адыгралі вялізную ролю ў развіцці асветніцтва, адчынялі брацкія школы, з 1616 па 1773 (з перапынкамі) існавала Магілёўская брацкая друкарня.
§ 1.8. Вайна 1654 — 1667 гг. паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай
Сярод гараджан існавалі адначасова прамаскоўская партыя і партыя, якая падтрымлівала ўлады Рэчы Паспалітай. Спачатку гараджане хітрылі, цягнулі час, чакалі дапамогі. Маскоўскі ваявода Ваяйкоў у адным са сваіх першых данясенняў паведамляў Аляксею Міхайлавічу што магілёўскія мяшчане «около де города осаду крепят, а ожидают на себя твоих государевых людей, и по людям де смотря хотят стоять и биться»1. Таму царскі ваявода прасіў аб высыланні дадатковых воінскіх кантынгентаў пад Магілёў «и будут придут большие люди и они сдадуться»2. Апроч гэтага была развіта актыўная агітацыя з мэтай бяскроўнай здачы горада. Ваяйкоў таемна паслаў у горад сотніка Васіля Якімава і стральца Цішку. Яны былі павінны схіліць магіёўцаў да здачы. Для гэтага яны перадалі агітацыйны зварот з заклікам аб здачы маскоўскім войскам прыхільнікам здачы горада з серады магілёўскіх мяшчан — «Бушаку з таварышы». Аднак спроба апублікавання гэтага дакумента і агітацыя за пераход на бок Расіі скончылася вельмі смутна для прадстаўнікоў прамаскоўскай партыі: «мещане де и ляхи яво Бушака били и отпустили чуть жива и говорили на что он с государевыми людьми ссылается»3.
14 жніўня прадстаўнікамі магістрата была высланая дэпутацыя на перамовы. Мяшчане абяцалі здаць горад, але толькі праз тры дні. Справа ў тым, што гараджане ведалі пра тое, што па загадзе цара на дапамогу Ваяйкову павінны былі прыйсці маскоўскія служылыя людзі з пад Дуброўны, Оршы і Гор. Аднак, як толькі «могилёвцы проведали …что ратных людей нет и с чем присылали во вес солгали и хотят с нами битца» 4 — паведамляў Ваяйкоў.
Аднак 25 жніўня 1654 года гарадскую браму адчынілі перад непрыяцелем. Гэта было звязана як з усведамленнем безвыходнасці сітуацыі, так і актыўнай агітацыяй з боку ігумена Куцеінскага праваслаўнага манастыра Іаіля Труцэвіча і магілёўскага шляхціча Кастуся Паклонскага. Апроч гэтага цар урачыста абяцаў за добраахвотную здачу горада захаваць магдэбургскае права. Дарэчы, яно сапраўды было захавана, а гараджане атрымалі права абіраць главу мясцовага самакіравання — войта.
У пачатку лютага 1655 года пад сцены Магілёва падышлі войскі гетмана ВКЛ Януша Радзівіла. Нягледзячы на тое, што падчас аднога з штурмаў Магілёва на яго бок перайшоў са сваім атрадам у 400 чалавек Паклонскі, які ўпусціў войскі ВКЛ у Кругавы вал, на тэрыторыю Новага горада, Магілёў штурмам узяць так і не атрымалася. Сапраўды, абарона горада не была падтрыманая ўсімі гараджанамі. Ужо падчас гэтых падзей адчувалася глыбокая незадаволенасць часткі магілёўскіх гараджан новай уладай. Адразу ж пасля ўваходу войскаў Радзівіла ў Новы горад да яго войск далучылася значная частка гараджан, якія пражывалі там. У адпісцы маскоўскіх ваяводаў Рамаданаўскага і Ваяйкова Аляксею Міхайлавічу аб гэтым паведамлялася наступным чынам: «февраля в 6 день, как приходили под Могилев гетманы, Радзивил и Гасевски и Богуслав Радивил с полскыми и литовскими людми и в то, государь, время, Могилевцы мещане остались в болшом валу с Радзивилом, и к меншому валу и острогу к твоим государевым людем на приступ ходили и на вылазках билися вместе заодно с итовскими людьми; и тех, государь, мещан остались в меншм земляном валу лавки и всякие товары, и те товары и денги многи взяты в Ратушу без твоего государева указу до моего холопа твоего Юшки приезду в Могилев. А как пошли гетманы и из Могилева прочь, и многие мещане пошли с ними же образом. Горожане предварительно разработали план по уничтожению московского гарнизона. Хозяева, у которых на постое жили вражеские солдаты, гетманы в Литву и Польшу»5. Праўда вялікая частка гараджан у гэты час усё ж такі засталася адданай маскоўскаму цару і ўдзельнічала ў абароне горада ад Радзівіла.
Бясспрэчна, нельга гаварыць і аб тым, што толькі шляхта і верхавіна гараджан прыняла ўдзел у паўстанні. «Верхавіна» па вызначэнні — меншасць, а меншасць знішчыць добра падрыхтаваны і ўзброены рускі гарнізон у ходзе паўстання 1 лютага 1661 года была б не ў стане.
Ёсць дзве версіі таго, што адбылося. Адна з іх — з вестак магілёўскай Хронікі Сурты і Тубніцкіх, апісвае справу наступным чынам. Паўстанне распачалося на наступны дзень, у той момант, калі стральцы пачалі крыўдзіць магілёўскіх гандлярак калачамі на Гандлёвай плошчы, бясплатна адбіраючы ў апошніх тавар. У гэтую хвіліну загудзеў ратушны звон, на стральцоў кінуўся магілёўскі бурмістр Язэп Левановіч узброены «мечем катовским». Ён закрычаў «Пара!» «Пара!…» і паўстанне распачалося. На дапамогу мяшчанам выйшлі вызваленыя ваеннапалонныя, і за некалькі гадзін маскоўскі гарнізон быў знішчаны амаль цалкам, у жывых засталося толькі некалькі чалавек6.
Аднак маецца яшчэ адно вельмі каштоўнае сведчанне сучасніка тых падзей, гісторыка, паэта і грамадскага дзеяча Ераніма Веспасіана Кахоўскага, які захаваў больш рэалістычныя падзеі, якія адбыліся ў той час у Магілёве. Паводле гэтага аўтара, магілёўцы бачачы неспрыяльнае для Маскоўскай дзяржавы развіццё ваеннай кампаніі, палічылі за лепшае вярнуцца назад, у склад Рэчы Паспалітай. Ва ўмоўлены час частка гараджан з гарадскім статкам выйшла за гарадскія ўмацаванні. Менавіта яны пачалі клікаць на дапамогу, крычаць аб тым, што на іх напалі «Палякі» і «Літва», што шматлікія сярод іх забітыя, а частка ўзятая ў палон. На дапамогу гараджанам кінуліся маскоўскія салдаты і стральцы. Пасля гэтага змоўшчыкі зачынілі гарадскія вароты і распачалі метадычна расстрэльваць «маскву» з гарадскіх сценаў. Адначасова распачалося паўстанне і ў самім Магілёве, дзе засталася частка гарнізона. Ён быў часткай знішчаны, а 986 салдат і стральцоў было ўзята ў палон.
§ 1.10. Паўночная вайна 1700 — 1721 г.г.
Гарачы подых вайны Расіі са Швецыяй апаліла землі Магілёўшчыны. Гэта вайна атрымала назву Паўночнай і доўжылася болей двух дзесяцігоддзяў. Усходнія землі Беларусі сталі асноўным тэатрам ваенных дзеянняў. Праз Магілёў праходзілі руская і шведская арміі. У гэты час горад наведаў Петр 1. Усю вясну і доўгі час летам ў Магілёве і яго наваколлях знаходзіліся рускія войскі. Магілёўцы павінны былі забяспечыць іх харчаваннем, зброяй і падводамі, прымаць удзел ў будаўніцтве мастоў праз Дняпро.
У ліпені таго ж года Магілёў занялі шведскія войскі. Шведы грабілі цэрквы і манастыры, вывозілі з горада срэбра. Шведы былі на тэрыторыі нашага горада не так доўга — шэсьць тыдняў. Але за гэты час яны адабралі ў мясцовага насельніцтва ўсе запасы харчавання, знішчылі болей за 1700 жылых дамоў.
Пераломным момантам вайны стала цяжкая і кровапралітная бойка каля вёскі Лясной. Саступім, аднак, слова аднаму з відавочцаў і ўдзельнікаў гэтай бітвы — князю Галіцыну. Ен прагадваў: «…Цэлы дзень знаходзіліся мы тады пад полымем ворага, але ў нашых радах не адбылося ні маленькага беспарадку, і мы не саступілі ворагу ні пядзі зямлі. Чатыры разы нашы стрэльбы настолькі распальвалісь ад узмоцненай стральбы, што іх немагчыма было трымаць у руках. Чатыры разы мы напаўнялі нашы апусцелыя сумкі і кішэні патронамі».
Параза пад Лясной была для шведаў непапраўным бедствам. Для Пятра 1, наадварот, гэта перамога была адной з буйных «вікторый» рускай арміі ў Паўночнай вайне, «…маці Палтаўскай баталіі», якая адбылася менш чым праз год.
З пакалення ў пакаленне перадае народ легенды і паданні аб доблесці і мужнасці рускіх салдат, якія яны праявілі ў бітвах за сваю Радзіму.
У гонар 200-годдзя пабеды рускіх над шведамі пры вёсцы Лясной быў пабудаваны і ўрачыста адкрыты мемарыяльны комплекс.
Сімбалічны помнік, зроблены скульптарам Оберам. На гранітнай скале шырока расправіў крылы бронзавы арол. Ён ірве звалены сцяг ворага, святкуючы перамогу. На скале-пўедэстале ўмацавана мемарыяльная дошка з лаканічным надпісам: «У памяць бітвы пры Лясной — маці Палтаўскай перамогі».
Магілёў. Гісторыя. Частка 2
§2.1. Ад праваслаўя да уніяцтва
Як і ў Беларусі ўвогуле, у Магілёве насільна распаўсюджваліся унія і каталіцызм. Ва ўсіх гарадах узмацнялі свой стан каталіцкія ордэны. Праваслаўныя цэрквы сілай адымаліся і перадаваліся уніятам.
У 1642 годзе кароль Рэчы Паспалітай выказаў пажаданне. Гучала яно так:
Трэба, «каб магілёўцы былі уніятамі і да гэтага прыступілі б добраахвотна», а калі не зробяць гэтага самі, то «будуць у вуніі паняволі».
Кіруючыя колы Рэчы Паспалітай усяляк спрабавалі дабіцца сваёй мэты. Дзеля гэтага яны узмацнілі барацьбу супраць праваслаўных братэрстваў. Тыя ж, у сваю чаргу, ставіліся ў залежнасць ад мясцовых епіскапаў, назначаных з ліку уніятаў. Але жыхары Магілёва, як і ўвесь беларускі народ, працягвалі барацьбу супраць усіх форм феадальнага гнёту.
§2.2. Вайна з Напалеонам. Удзел Магілёва
У чэрвені 1812 года армія Напалеона перайшла мяжу Расійскай імперыі. Пачаліся баявыя справы на тэрыторыі Беларусі, якая на той момант уваходзіла ў склад Расіі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Калі верыць паданню, каля ракі Нёман адбылася такая гісторыя: конь Напалеона пры пераправе скінуў свайго седака ў ваду. Многіх напужаў гэты дрэнны знак лёсу, але імператар быў настроены рашуча і адмаўляўся верыць ў падобныя справы…
Напалеон планаваў разграміць рускую армію ў пагранічных баях, але адступаючыя войскі абўядналіся пад Смаленскам. Разбіць іх на тэрыторыі Беларусі ня ўдалася. Тут летам 1812 вяліся жорсткія абараняльныя баі, у якіх непасрэдны ўдзел прымаў і наш горад.
Пад Магілёвам у вёсцы Салтанаўка значны супраціў французкім войскам аказаў корпус генерала М. Раеўскага. Выдатным прыкладам гераізму для салдат стаў учынак самога генерала, які разам з непаўналетнімі сынамі ўзняў сваіх воінаў у атаку.
Раеўскі «…азірнуўся, шукаючы кагосьці вачыма. Ззаду тоўпіліся адўютанты і сярод іх — абодва сына генерала. -Дзеці!- крыкнуў Мікалай Мікалаевіч. — Да мяне! Войскі стаялі нерухома! Ага!.. Раеўскі ўзяў сыноў за рукі і пайшоў з імі да плаціны. -Штаб, за мной! …Ен шагаў па плаціне і, зрэдку азіраючыся, паўтараў: — Рабяты! Вось я. Ваш генерал, і сыны мае са мной! Наперад жа! Наперад! Хваля захаплення і жаху пракацілася па-над полкам. Усе, што стаяла ўздоўж яра, аж да самага лесу, задрыжала і рванулася за Раеўскім».
І ўсё ж нягледзячы на старанні абароны Магілёў быў захоплены французкімі войскамі. Горад быў вызвалены толькі ў лістападзе рускімі войскамі пад камандаваннем А. Ажароўскага.
§2.3 Дзекабрысты ў Магілёве
У снежні 1826 года ў Магілёве следчай камісіяй былі дапытаны дзекабрысты, чальцы «Паўднёвага грамадства»: М. Бестужаў-Румін, С. Мураўеў- Апостал, М. Мураўеў- Апостал і г. д.
§2.4. Нацыянальна-вызваленчы рух
Нацыянальна-вызваленчае паўстанне ў Польшчы, Літве і Беларусі знайшло водгук і ў Магілёве. У горадзе ў гэты час кватэравала 3-я зводная рэзервовая артылерыйская брыгада, у частках якой была створана ваенна-рэвалюцыйная арганізацыя.
§2.5. Адмена прыгоннага права
Пасля адмены прыгоннага права ў 1861 годзе паскорылася капіталістычнае развіццё Магілёва, ажывіліся прамысловасць і гандаль.
У 1885 годзе ў горадзе было 124 прадпрыемствы.
Прайшло не так шмат часу, наступіў 1900 год. За гэты тэрмін колькасць прадпрыемстваў павялічылася амаль удвая. Іх стала 220.
У канцы 19 — пачатку 20 стагоддзя ў горадзе функцыянавалі тры групы крэдытных устаноў: камерцыйнага, зямельнага і мелкага крэдыту, тры друкарні, механічныя майстэрні. 1867-ы зўяўляецца годам заснавання Магілёўскага музея, з ліпеня 1883 года выходзіў часопіс «Магілёўскія епархіальныя ведамасці», у 1888 годзе быў узведзены будынак тэатру.
§2.6. Рэвалюцыя 1905 — 1907 г.г. Падзеі ў Магілёве
Падзеі «Крывавай нядзелі» патрэслі мірных жыхароў. У халодны студзеньскі дзень трагічна скончыўся лёс вялікай колькасці людзей. У Пецярбурзе было жорстка расстраляна мірнае шэсьце працоўных да Зімняга палаца. Так была канчаткова падарвана вера людзей у добрага цара. Хваля стачак і выступленняў пракацілася па краіне.
Магілёў не застаўся ў старане. Горад уздрыгваў ад дэманстрацый і стачак. Паўсталі працоўныя разам з палітзняволенымі Магілёўскай турмы, адбылася стачка булачнікаў. Працоўныя нашага горада дзейнічалі сумесна з працоўнымі Адэсы, Іванава-Вазнесенска, Каўказа (выступленні салідарнасці). Адбылася антыўрадавая дэманстрацыя. У ёй прынялі ўдзел некалькі тысяч чалавек.
§2.7. Першая сусветная вайна
Першая сусветная вайна, у якую было ўцягнута 38 краін, стала паваротным момантам не толькі ў эўрапейскай гісторыі. Яна пакінула свой суровы адбітак на жыцці многіх і многіх пакаленняў людзей, па-свойму перапісала сусветную гісторыю.
У самым пачатку вайны Беларусь была абўяўлена на ваенным становішчы. Нязносна цяжкімі былі ўмовы жыцця людзей. У вёсцы востра адчувалася няхватка мужчынскіх рук — большасць мужчын было прызвана на вайну. Самае неабходнае для жыцця адбіралася на патрэбы арміі. Хваля бежанцаў захліснула Беларусь. Іх выкарыстоўвалі ў якасьці таннай працоўнай сілы.
У Магілёве ў гэты час знаходзілася стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага. Нягледзячы на жорсткі рэжым ваеннага часу, бальшавікі здолелі арганізаваць забастоўкі працоўных трыкатажнай і тытунёвай фабрык.
§2.8. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі…
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі пачаў свае існаванне Магілёўскі Савет працоўных і салдацкіх дэпутатаў, услед за ім была створана арганізацыя РСДРП. Вясной па гораду пранеслася хваля забастовак.
§2.9. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі…
Прайшоў месяц з той пары, як адгрымела паўстанне ў Петраградзе. Магілёў увесь гэты час заставаўся ў руках антысавецкіх сіл. А ўлада ўжо перайшла да саветаў. Хутка за Магілёўскай стаўкай устанавілі кантроль. У лістападзе гэтага года стаўку занялі рэвалюцыйныя войскі, і яна была рэарганізавана.
Магілёў у годы Вялікай Айчыннай вайны
§3.1. Уводзіны
Раніца ў разуменні кожнага чалавека заўседы звязана з нараджэннем новага дня. Прабуджаецца прырода, на гарызонце ледзь займаецца золак, хочацца верыць, што новы дзень прынясе з сабой толькі самыя светлыя падзеі, падаруе светлыя ўражанні… Але зусім у іншыя колеры была афарбавана раніца 1941-га.
Летняй раніцай гэтага злашчаснага года на заходніх граніцах нашай радзімы прагучалі першыя стрэлы. Выбухалі бомбы, гранаты, чарада пажараў ахапіла сёлы і гарады, пакідаючы ззаду цёмныя і змярцвелыя руіны. Тая раніца стала апошняй у жыцці многіх людзей — раніца пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Германскія войскі, якія ўварваліся ў нашу краіну, чакалі лёгкай перамогі, выношвалі план «маланкавай вайны». Але боку, які напаў, адразу быў аказаны супраціў. Трэба сказаць, што асобы састаў Чырвонай Арміі рыхтаваўся галоўным чынам для наступальных дзеянняў. Лічылася, што вайна будзе хуткай, скарацечнай і на чужой тэрыторыі. Але войскі нават не былі пераўзброены, новая тэхніка не засвоена. Масавыя рэпрэсіі ўнеслі жыццё многіх вопытных камандзіраў.
І ўсе ж супраціў быў аказаны. Да апошняга патрона змагаліся байцы Брэсцкай крэпасці. Яны пратрымаліся каля месяца, хоць у планах фашыстаў на захоп крэпасці адводзілася толькі некалькі гадзін.
Ужо ў першыя гадзіны вайны разгарнуліся паветраныя баі ў небе Беларусі. Менавіта тады здзейснілі свой подзвіг камандзір эскадрыллі, ураджэнец Беларусі капітан Гастэла і чальцы яго экіпажа. З дазволу свайго экіпажа камандзір направіў самалёт у полымі на групу танкаў і аўтамашын.
Пры абароне Гомеля здзейсніў свой першы паветраны подзвіг летчык Коўзан — адзіны ў свеце летчык, які зрабіў чатыры паветраных тарана і застаўся жывы.
І ўсё ж, нягледзячы на ўзмоцненае супраціўленне Чырвонай Арміі, фашысцкае войска хутка рухалася ў глыб БССР. Ужо на 7-мы дзень быў захоплены Мінск…
§3.2. Буйніцкае поле. Абарона Магілёва
Буйніцкае поле, бадай, можна назваць свяшчэнным месцам для людзей, якія жывуць не толькі ў Магілёве. Параўнаць яго можна амаль што з полем Куліковым або Барадзінскім…
Вельмі часта на зялёным паласе з травы можна сустрэць ветэранаў вайны, якія ледзь стрымліваюць слёзы. У нямой цішыні стаяць жанчыны і мужчыны, дзяўчыны і хлопцы. І, мабыць, дзеля кагосьці гэта ціхае месца не нясе ніякай пагрозы, але ёсць людзі, для якіх тут па-ранейшаму, як і шмат гадоў таму, грукочуць стрэлы і разрываюцца снарады…
Баі ў раёне Магілёва сапраўды мелі вельмі напружны характар. Абарона горада доўжылася 23 дні. У ліку адважных байцоў з прыгнётам фашыстаў варта адзначыць стралковы полк пад камандаваннем палкоўніка Куцепава. Толькі за адзін дзень байцы гэтага палка знішчылі 39 фашысцкіх танкаў. Гэтыя баі пісьменнік Канстанцін Сіманаў апісаў у рамане «Жывыя і памерлыя». Палкоўнік Куцепаў стаў прататыпам аднаго з герояў рамана — генерала Сярпіліна. Аб глыбокіх перажываннях пісьменніка сведчыць і той факт, што Сіманаў у многіх сваіх артыкулах і кнігах прыгадваў Магілёў поруч з Масквой, Ленінградам, Адэсай, Севастопалем, Сталінградам. «Я не быў салдатам, быў усяго толькі карэспандэнтам, аднак у мяне ёсць кавалачак зямлі, які мне ў век не забыць, — поле пад Магілёвам.»
Пра свае уражанні К. Сіманаў расказвае:
«…Сярэдзіна поля. Магілёў. З усходняга берага на заходні перакінуты адзіны драўляны мост. На ім не было ні воднай пушкі, ні воднага зенітнага кулямета. Мы пераехалі на заходні бераг, у полк, які абараняў Магілёў. У гэты дзень быў цяжкі, кровапралітны бой. Полк разбіў сорак нямецкіх танкаў, але і сам сыйшоў крывею. Увечары мы гаварылі з камандзірам паўка палкоўнікам Куцепавым…На яго абросшым, няголеным і стомленым, смяротна стомленым твары ў самыя цяжкія імгненні раптам праяўлялася нечакана мяккая, дзіцячая ўсмешка.
Мы сказалі яму пра мост. Там няма ні воднага зенітнага кулямета, калі немцы разбамбяць мост, то ён с полкам будзе адрэзаны тут, за Дняпром.
-Ну і што ж,- Куцепаў раптам усмехнуўся сваёй дзіцячай усмешкай. -Ну і што ж, — паўтарыў ен мякка і ціха, быццам бы гаворачы аб чымсьці самым звычайным.- Хай бамбяць. Калі іншыя адступяць, мы вырашылі тут застацца і памерці, усім полкам вырашылі. Мы ўжо гаварылі аб гэтым…«
Абарона Магілёва скончылася трагічна. І ўсе ж ахвяры былі не дарэмныя. Гэтая барацьба адыграла важную ролю ў далейшым развіцці падзей. Тут было затрымана наступленне групы армій «Цэнтр» на галоўным маскоўскім напрамку. На працягу 23 дзен тут змагаліся з ворагам, даючы магчымасць тым самым атрымаць каштоўны час для будаўніцтва новых рубяжоў абароны.
«Нягледзячы на вялікія ахвяры бітва ў замкнёным коле аказала нямалую паслугу нашым асноўным войскам, бо малалікія часткі Магілёўскага гарнізона прыкавалі да сябе цэлы армейскі корпус ворага…»(И. А. Ероменка)
Зараз на шостым кіламетры шашы Магілёў-Бабруйск, там, дзе пачынаецца Буйніцкае поле, ляжыць камень. На ім — мармурная дошка са словамі «…Усё жыццё ен памятаў гэтае поле бітвы 1941 года і завяшчаў развеяць тут свой прах». Гэта словы аб пісьменніке К. Сіманаве. Ён не пажадаў расстацца з памятнымі месцамі. Лёс пісьменніка цяпер навек звязаны з Буйніцкім полем.
§3.3. Масавая барацьба супраць захопнікаў
Барацьба супраць захопнікаў пачалася ў цяжкіх умовах. Падпольныя арганізацыі і партызанскі рух ствараліся ўжо ва ўмовах акупацыі. І ўсё ж насельніцтва Беларусі змагалася з акупантамі, аддаючы сваё жыццё на алтар перамогі. У падпольнай барацьбе Магілёў прымаў самы непасрэдны удзел.
І зараз у памяці людзей жыве подзвіг дактароў 172-ой дывізіі. Яны засталіся ў Магілёве, каб уратаваць раненых савецкіх воінаў. Рабілі ўсё магчымае, каб байцы і камандзіры Чырвонай Арміі пасля папраўкі пападалі не ў лагеры ваеннапалонных, а ў партызанскія атрады.
Фашысты павесілі дактароў-патрыётаў. Але публічнае пакаранне не запужала жыхароў Магілёва. А зверскія катаванні ў фашысцкіх катавальнях не змаглі зламіць волю дактароў. Перад пакараннем, каб чуў народ, загнаны на плошчу, Кузняцоў — адзін з дактароў — ускрыкнуў: «Слава нашай Радзіме, ганьба крываваму фашызму».
Сапраўдны подзвіг здзейсніў М. П. Куўшынаў — вядомы ў горадзе доктар, кандыдат медыцынскіх навук. У час акупацыі ен не эвакуіраваўся, што выклікала ў многіх здзіўленне. А адказ быў просты: урач не мог пакінуць хворых, якія патрабуюць дапамогі. Куўшынін стварыў разам з аднадумцамі падпольную арганізацыю ў Магілёўскім абласным шпіталі. Па даносу здрадніка героі былі расстраляны.
Бязлітасная барацьба з фашысцкімі захопнікамі вялася на Магілёўскім чыгуначным вузле. Тут дзейнічала ў час акупацыі незалежна адна ад адной некалькі патрыятычных груп. Падзеі, што адбываліся штодзенна на чыгунке, даводзілі фашыстаў да шаленства.
Выходзілі са строю паравозы, гарэлі вагоны. Непасрэдна на станцыі адбылося крушэнне варожага эшалона: хтосьці развінціў рэйкі. Моцным рэхам адгукнуўся ў горадзе выбух у паравозным дэпо, пазбавіўшага гітлераўцаў рамонтнай базы. Ішлі пад адхон паравозы, цыстэрны з бензінам, нечакана знікалі паравозныя машыністы.
Фашысты не зводзілі вачэй з чыгуначнага вузла. Пры малейшым падазрэнні арыштоўвалі савецкіх людзей. Так загінулі многія патрыёты. І ўсё ж яны паспелі ўнесці свой унёсак у агульную справу, агульную перамогу.
§3.4. Аперацыя «Багратыён». Вызваленне Магілёва
Аперацыя «Багратыён» пачалася ў чэрвені 1944 года нечакана для ворага. Нямецка-фашысцкае камандаванне меркавала, што ўдар савецкіх войск адбудзецца на Украіне. Гэта быў іх пагібельны пралік. Аперацыя пачалася ў Беларусі праз непраходныя балоты і лясы, адкуль фашысты ўдара не чакалі. Ужо на трэці дзень наступлення быў вызвалены Віцебск, затым — Орша.
Састаўной часткай агульнага наступлення стала і Магілёўская аперацыя. Гітлераўцы ператварылі Магілёў ў крэпасць, масты праз Днепр замініравалі. Але немцаў чакала супраціўленне. 26-га чэрвеня арміі пад кіраўніцтвам Грышына і Болдзіна замкнулі ў кола войскі супраціўніка. У гэтым ім дапамагала паветраная армія Вершыніна. Супраціўнік быў разгромлены. 28 чэрвеня Магілёў быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
25-га красавіка за мужнасць і стойкасць, праяўленыя працоўнымі горада падчас Вялікай Айчыннай Вайны, і за поспехі, дасягнутыя ў гаспадарча-культурным будаўніцтве, Магілёў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1 ступені.
Час мае свае законы. Рана ці позна згладжвае ён у памяці не столь значныя ў нашым жыцці падзеі, вызваляючы месца іншым. Але ёсць такія падзеі, над якімі час не ўласны: яны ў аднолькавай меры належаць і гісторыі, і дню цяперашняму. І мы не павінны забываць, мы павінны памятаць слаўныя старонкі гісторыі роднага Магілёва. Пакаленне за пакаленнем павінны жыхары нашага горада гартаць падзертую і старую кнігу гісторыі. Толькі яна навучыць нас разумець і цаніць старыя ісціны, а значыць, гэтай кнізе прадвызначана вечнае жыццё.