У выставачнай зале УК “Музей гісторыі Магілёва” будзе прадстаўлена выстава творчых работ дзяцей з асаблівасцямі развіцця і іх бацькоў “Іншыя”. Наведвальнікі змогуць убачыць, якім бачаць свет юныя мастакі і тыя, хто кожны дзень падтрымлівае іх на шляху да самавыяўлення.
У экспазіцыі прадстаўлены работы дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў з асаблівасцямі развіцця і іх бацькоў.
Дзіцячыя творчыя работы прадстаўлены ў розных катэгорыях: выяўленчае мастацтва, жывапіс, малюнак, аплікацыя, лепка і пластыка, 3D‑мадэляванне, дэкаратыўна‑прыкладное мастацтва, змяшаная тэхніка. Бацькі, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі развіцця, прадставілі свае работы ў катэгорыях: жывапіс, графіка, пластыка, змяшаная тэхніка.
Аўтары выкарыстоўвалі шырокі спектр матэрыялаў: гуаш, акварэль, акрылавыя фарбы, графічныя сродкі (алоўкі, вугаль, маркеры), а таксама пластычныя і прыкладныя матэрыялы – пластылін, палімерную гліну, кераміку, скуру, паперу і 3D‑матэрыялы.
Урачыстая цырымонія адкрыцця выставы адбудзецца 3 снежня ў 16:00. Азнаёміцца з экспазіцыяй можна будзе да 18 снежня.
