Адным з асноўных накірункаў дзейнасці УК “Музей гісторыі Магілёва” з’яўляецца пошук і пакупка ў прыватных асобаў гісторыка-культурных каштоўнасцяў, адпаведных вядучай экспазіцыйнай тэматыцы музея – “Магілёў эпохі Магдэбургскага права”, а таксама помнікаў культуры, што рэпрэзентуюць духоўную спадчыну горада Магілёва і Беларусі.
НАШЫ КАШТОЎНАСЦІ
СТАТУТ ВКЛ 1588 г.
Кніга прамавугольнай формы, маюцца вадзяныя знакі, карэньчык карычневага колеру, скураны. Маюцца невялікія надрывы, забруджванні. Адсутнічаюць старонкі 1-16, першыя аркушы груба манціраваны і рэстаўраваны, частка аркушаў у водных пацёках. Аркушы кнігі пажоўклі. Вокладка кнігі больш позняга часу, аздоблена каляровай паперай. На карэньчыку маецца цісненне золатам: “СТАТУТЪ ЛИТОВСКИЙ”, а таксама арнамент. Кніга была выдадзеная ў 1594/95 гг., альбо ў 1600 г., на старабеларускай мове ў друкарні Мамонічаў (Вільня). Статут – вышэйшы заканадаўчы акт Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, папярэднік еўрапейскіх Канстытуцый.
Набыта 08.06.2012 г. за кошт збору прыватных ахвяраванняў ад грамадзян і спонсарскай дапамогі ад кампаніі Alpari.
РЫЦАРСКІ ДАСПЕХ КАН. XV – ПАЧ. XVI СТ.
Рыцарскі даспех. Бургундыя, кан. XV – пач. XVI стст. Знойдзены ў 2013 годзе ў р. Віхра пад Мсціславам. Належыў невядомаму беларускаму рыцару, што загінуў у бітве 4 лістапада 1501 г.
Перададзены музею археолагам І.А. Марзалюком у 2013 г.
“АПОСТАЛ” СПІРЫДОНА СОБАЛЯ.
Кніга “Апостал”, надрукаваная магілёўскім першадрукаром Спірыдонам Собалем у 1632 г. у Куцейне альбо ў Буйнічах.
Набыты музеем за кошт бюджэтнага фінансавання ў 2017 г.
ЛІТУРГІЧНАЕ ПОКРЫВА, УПРЫГОЖАНАЕ СЛУЦКІМІ ПАЯСАМІ.
Аналойнік – літургічнае покрыва на аналой – выкарыстоўваўся ў праваслаўным храме для ўпрыгожвання падстаўкі, на якой падчас царкоўных служб размяшчалася напрастольнае Евангелле. Упрыгожаны фрагментамі слуцкіх паясоў, вытканых на радзівілаўскай мануфактуры ў г. Слуцку.
Слуцкія паясы аналагічныя экзэмпляру з Нацыянальнага музея ў Варшаве.
Набыты музеем за кошт бюджэтнага фінансавання ў 2016 г.
Кніга Казіміра Семяновіча “Вялікае мастацтва артылерыі”
Кніга К. Семяновіча “Вялікае мастацтва артылерыі”. Выданне 3-е, на нямецкай мове. Франкфурт-на-Майне, 1676 г. У адрозненні ад ранейшых выданняў (1650 г., на латыні, 1652 г. на францускай мове) выданне мае дадатковую 2-ю частку, якая, паводле меркавання даследчыкаў, магла быць заснаваная на чарнавых накідах самаго К. Семяновіча.
Захаванасць амаль поўная (адсутнічаюць 2 апошнія аркушы са зместам).
Набыта 26.12.2012 г. за кошт спонсарскай дапамогі ад кампаній “Геймстрым”, “Трайпл”, і за прыватныя ахвяраванні грамадзян.